Даішнікаў, якія зрабілі «жывую заслону», не адхілі ад працы 3
Учора начальнік рэспубліканскай ДАІ Аляксандр Мендзелеў назваў дзеянні дарожных інспектараў непрафесійнымі і паведаміў пра адстаўкі ў сувязі з гэтым здарэннем. Аднак, як высвятляецца, пра адстаўку нічога не ведаюць тыя, каго быццам бы адхілілі ад працы.
На прэс-канферэнцыі начальнік рэспубліканскай ДАІ Аляксандр Мендзелеў назваў дзеянні дарожных інспектараў непрафесійнымі і паведаміў пра адстаўкі ў сувязі з гэтым здарэннем.
“Службовыя асобы, якія адказваюць за прафесійную падрыхтоўку тых, хто ўдзельнічаў у затрыманні, а менавіта, намеснік начальніка аддзела ДАІ Кастрычніцкага РАУС Мінска і начальнік ДАІ Слуцкага РАУС вызваленыя ад займаемых пасадаў. Супрацоўнікі, якія ўдзельнічалі ў затрыманні, гэта супрацоўнікі ДАІ Слуцкага і Кастрычніцкага РАУС, адхіленыя ад сваіх пасадаў да заканчэння службовага разбору”, - цытуе чыноўніка “Еўрарадыё”
Аднак у ДАІ Слуцка пра адстаўку начальніка і інспектараў нічога не ведаюць. Як паведаміў прэс-сакратар слуцкай міліцыі Дзмітрый Семібратаў, “на гэты момант ніхто з супрацоўнікаў ДАІ Слуцкага РАУС не адхілены ад працы. Нам пакуль ніхто не даводзіў і не дакладваў, што мы павінны адхіляць нашых супрацоўнікаў. Ніякай праверкі, у прынцыпе, ніхто не прызначаў. Аднак я не магу сцвярджаць, што нічога гэтага не будзе”.
Слуцкія даішнікі праследавалі парушальніка, які ехаў з хуткасцю 180 км/г, на “жыгулях” — аўтамабілі “ВАЗ-2110”. Па словах Дзмітрыя Семібратава, гэтая машына здольная набіраць такую хуткасць і нават крыху больш. А наогул, у аўтапарку слуцкага ДАІ 6 машын: дзве “дзесяткі”, дзве “дзевяткі” і два “Опеля”.
Дарэчы, як паведаміў прэс-сакратар, падчас пагоні 2 сакавіка пасажыры машыны парушальніка і сам кіроўца паказвалі супрацоўнікам ДАІ непрыстойныя жэсты.