Беларусы абураныя падаражаннем бензіну
Чарговае падвышэнне цэнаў на бензін выклікала негатыўную рэакцыю аўтамабілістаў. З аднаго боку падвышэнне, здаецца, малаважнае, з другога – ужо занадта часта яно адбываецца. У выніку за апошнія 3 гады цэны выраслі амаль у два разы. Апошняе падвышэнне на бензін было ў траўні, тады «Белнафтахім» абяцаў не падвышаць кошт свайго прадукту ў самы блізкі час. Мабыць гэты час мінуў. Рэакцыю аўтааматараў на падвышэнне цэнаў, высвятляў карэспандэнт прэс-цэнтра Хартыі’97 на аўтазапраўцы РУП “Белоруснефть-оргнефтехим” на вул. Леніна.
Спадар:
– Падаражанне, яно заўсёды падаражанне. Ніякіх прыемных эмоцый гэта не выклікае. Я думаю, што, улічваючы сітуацыю з нафтай, з газам, цэны будуць падвышацца і далей. У мяне на аплату бензіну сыходзіць працэнтаў 15 ад сямейнага бюджэту. Я рэгулярна наязджаю кіламетраў 30 у дзень, калі езджу на працу. На тралейбусе дарога займае гадзіну-паўтары.
Што можна зрабіць? Пакуль не зменіцца эканоміка, нічога не зробіш.
Спадар:
– Бензін падаражэў? Я нават не ведаў. Што ж, гэта цалкам заканамерна. Будуць павялічвацца цэны на газ, на нафту, будуць расці і цэны на бензін. Што тут зробіш... Мы цалкам залежныя ад Расеі ў гэтым плане. Не ўяўляю, што можна змяніць.
Спадар:
– Што тут скажаш. Дрэнна. Зарплата не змяняецца, а цэны растуць. Мяне ратуе тое, што мяне запраўляе фірма. Калі б я запраўляўся за свае, у мяне на бензін сыходзіла б 30-40% ад маіх прыбыткаў. Я прыкладна, 100 кіламетраў у дзень накатваю.
Баюся, што цэны будуць працягваць расці, і гэта нягледзячы на тое, што пару гадоў таму літр бензіну каштаваў у 2 разы танней. Але гэтае паўзучае падвышэнне, калі цана паднімаецца на 100-200 рублёў, здаецца і не прыкметна адразу, а ў выніку паліва каштуе як у Еўропе.
Што можна зрабіць? Цэны, вядома, ужо не апусцяцца. Трэба кардынальна змяняць эканоміку і дзяржаўны лад, каб у нас павялічыліся прыбыткі, тады і на бензін не шкада будзе грошай.
Спадарыня:
– Што тут скажаш… Думаю, будзе даражэць і надалей. Не ўяўляю, што можна зрабіць.
Спадар:
– Вядома, гэта абуральна! Каб бензін не даражэў, па-першае, трэба не пасварыцца з сумежнымі дзяржавамі, весці правільную знешнюю палітыку, па-другое эканоміцы трэба праводзіць рэформы, ды і ўвогуле трэба змяняць усю сістэму, прычым з галавы.
Касірка аўтазаправачнай станцыі адмовілася распавядаць, як пасля падаражання ідуць справы з продажам бензіну, і параіла звяртацца да майстра. Майстра на месцы не было, бо ён працуе на дзве запраўкі...
Як учора паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, загадам канцэрна «Белнафтахіма» ад 3 жніўня 2007 года № 674 зацверджаныя новыя аптовыя і рознічныя цэны на нафтапрадукты. З 6 жніўня 2007 года рознічныя цэны на нафтапрадукты, рэалізуемыя праз АЗС арганізацыямі канцэрна, павысіліся ў сярэднім на 4,7%. Цяпер кошт бензіну А-76 складае 1600 рублёў за 1 літр (+70 руб.), бензіну АІ-92 – 2020 рублёў (+90 руб.), бензіну АІ-95 – 2310 рублёў (+110 руб.), дызпаліва – 1610 рублёў (+70 руб.).