Прадпрыемствы не разлічваюцца за электрычнасьць
Толькі 50% прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых кааператываў Ашмянскага раёну своечасова разлічваюцца за яе. Шматмільённыя запазычанасці становяцца падставай для адключэння электрычнасці.
Недаплата сельскагаспадарчых кааператываў Ашмянскага раёну за карыстанне электраэнергіяй складае 160 мільёнаў рублёў, а пачынаючы з 2004 года агульная запазычанасьць дасягнула 750 мільёнаў, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Такія прадпрыемствы, як “Ашмянскі світанак”, “Прыпамежны” і “Баруны” за карыстанне электраэнэргіяй не плацяць увогуле, што вымушае кіраўніцтва раённых электрасетак перыядычна адключаць электрычнасць. Але такія меры ажыццявіць досыць складана хаця б таму, што на жывёлагадоўчых фермах адключэнне электраэнергіі пагражае шматмільённымі стратамі, у сувязі з чым электрычнасці пазбаўляюцца ў асноўным праўленні калгасаў і саўгасаў.
Аналагічна выглядае сітуацыя і на прамысловых прадпрыемствах раёна, а лідэрамі па запазычанасцях перад электрасеткамі з’яўляюцца “Ашмяны-лён“ і торфабрыкетны завод, якія на сённяшні дзень вінныя 500 мільёнаў рублёў.
Перыядычныя адключэнні электрычнасьці не вельмі палохаюць кіраўніцтва заводаў, таму што многія з іх большую частку года не працуюць, а калі праца ўсё ж такі з’яўляецца, чыноўнікі райвыканкаму загадваюць электрасеткам аднавіць падачу электрычнасці.