Палітыкі пачалі падрыхтоўку да Эўрапейскага Маршу
Прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі плянуюць у кастрычніку гэтага года правесьці ў Менску Эўрапейскі марш.
"Малады Фронт” падтрымлівае правядзеньне ўвосень гэтага году Эўрапейскага маршу. Пра гэта заявіў лідэр “Маладога Фронту” Зьміцер Хведарук.
“Малады Фронт”, які прытрымліваецца эўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў, абавязкова выйдзе сёлета ўвосень на вуліцы нашай сталіцы. Мы правядзем сапраўдны Эўрапейскі марш. Яшчэ раз Беларусь скажа, што яна павінна быць у Эўропе. Мы мусім яшчэ раз паказаць здольнасьць і гатоўнасьць увайсьці ў склад аб’яднанай дэмакратычнай Эўропы”.
Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў “Радыё Свабода”:
“У кастрычніцкім "Эўрапейскім Маршы за свабоду" мы запатрабуем ад уладаў падтрымаць прапановы Эўрапейскага зьвязу, каб уратаваць краіну ад непазьбежнага крызысу.
Беларусь павінна неадкладна адказаць на зычлівыя прапановы Эўрапейскага зьвязу: выканаць 12 патрабаваньняў дэмакратызацыі і атрымаць доступ да эўрапейскіх праграмаў, прэфэрэнцыяў, інвэстыцыяў, крэдытаў, тэхналёгіяў.
"Эўрапейскі марш за Свабоду" з’яднае адказныя дэмакратычныя сілы ў дзеяньні, а ня ў слоўных гульнях".