Справа Дзяніса Дзянісава зачыненая
Пра гэта, пакуль яшчэ ў вуснай форме, сёньня паведаміў моладзеваму актывісту ягоны адвакат
Пісьмовага дакумэнту пра спыненьне справы Дзяніс Дзянісаў пакуль ня мае, але спадзяецца атрымаць самымі бліжэйшымі днямі.
Крымінальную справу, распачатую супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Яловай, сьледзтва разглядала больш за паўгода. Яна была распачатая паводле 342-га артыкула Крымінальнага кодэкса – арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе. Згодна з гэтым артыкулам, хлопцу пагражала трохгадовае турэмнае зняволеньне.
Падзеі, паводле якіх была заведзеная крымінальная справа, адбыліся ў Віцебску 16-17 чэрвеня мінулага году. Тады ў горадзе быў узьняты бел-чырвон-белы сьцяг, зьявіліся расцяжкі й графіці са словам "Бунт". Цягам амаль васьмі месяцаў сьледзтва высьветлдяла, ці мае да гэтага дачыненьне Дзяніс Дзянісаў.
Падчас сьледзтва Дзяніс Дзянісаў амаль два месяцы мусіў правесьці пад вартаў у віцебскам СІЗА №2. З-пад варты яго адпусьцілі толькі пад грашовы заклад памерам 500 базавых велічынь, або 15 з паловай мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы дзеля ягонага вызваленьня сабрала беларуская грамадзкасьць.