З газу – на дровы
У Расонах зачыняюць кацельню, якая працавала на толькі паўгады таму падведзеным прыродным газе. І будуюць новую -- каб па “дзедаўскім мэтадзе” паліць дровы.
Неабходнасьць кансэрвацыі кацельні на прыродным газе кіраўніцтва раёна абгрунтавала “энергазьбрагальнай” дырэктывай Аляксандра Лукашэнкі: намесьнік старшыні Расонскага райвыканкаму Пётр Лапіцкі перакананы, што гэта дазволіць радыкальна пазьбегнуць залежнасьці ад падаражаньня газавай сыравіны.
Але праект новай кацельні таксама далёка ня танны. Кошт будаўніцтва складае 3,6 мільярда рублёў, а тэрмін ягонае акупнасьці – ажно 10 гадоў.
Нягледзячы на тое, што кацельня разьлічана на спажываньне самага рознага кшталту драўніны – ад кандыцыйных дроваў ды пілавіньня – ляснога “стратэгічнага запасу” для яе ў Расонскім раёне бракуе. Таму паліва давядзецца нарыхтоўваць ня толькі на Расоншчыне, але таксама ў Полацкім ды Наваполацкім лясгасах, а назапашваць паліва на складах мяркуюць за некалькі соцень кіламетраў ад Расонаў -- у Шумілінскім лясгасе.
У райвыканкаме ганарацца й тым, што новае паліўнае прадпрыемства дазволіць стварыць каля паўсотні новых працоўных месцаў, тады як “старую” газавую кацельню абслугоўвалі каля дзеятка чалавек. Будаўніцтва таксама возьме нямала працоўных сіл і сродкаў -- катлы прывязуць з Гомеля, сьцены ўзьвядуць будаўнікі з Полацка...
Гарадзкі пасёлак Расоны быў апошнім райцэнтрам на Віцебшчыне, куды ў сьнежні 2007 году быў падведзены прыродны газ. І менавіта з Расонаў пачаўся “зваротны адлік” -- да сумнёўнай эканоміі сродкаў за кошт людзкой працы і ляснога багацьця Віцебшчыны (паводле www.bulletinonline.org )