Статыстыка, краявіды і ня толькі
CD-дыск “Паазер”е. Пашпарт рэгіёна” выпусьцілі грамадзкія атывісты з Глыбокага. Разнастайную інфармацыю пра заходнія рэгіёны Віцебшчыны яны зьбіралі некалькі гадоў, а цяпер распаўсюджваюць яе бясплатна -- але з разьлікам на будучыню.
Выпуск дыску можна лічыць у пэўным сэнсе наватарскім крокам для Віцебскай вобласьці: дагэтуль тутэйшыя краязнаўцы і аматары гісторыі выпускалі толькі друкаваныя выданьні, прысьвечаныя пэўнаму рэгіёну, ці нават аднаму мястэчку альбо вёсцы. На дыску “Паазер”е. Пашпарт рэгіёна” зьмешчаны зьвесткі адразу пра шэсьць раёнаў, якія прынята называць “Віцебскім паазер”ем, -- гэта Браслаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Мёрскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі раёны.
Тэлефонныя даведнікі па раёнах, статыстычныя дадзеныя пра стан у галінах будаўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, фотагалерэі найпрыгажэйшых мясьцін захаду Віцебшчыны – вось далёка ня поўны пералік “пашпарту”, складзенага глыбоцкімі актывістамі.
-- Гэта не камерцыйны праект, таму мы распаўсюджваем дыск бясплатна, -- гаворыць кіраўнік Глыбоцкай суполкі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч. -- Думаем, што ён будзе асабліва цікавы для моладзі: цяпер амаль кожны малады чалавек у той ці іншай ступені ўмее працаваць на кампутары, і мы спадзяемся, што створаны намі інфармацыйны носьбіт будзе карысны тым, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю і ягоным сёньншняе разьвіцьцём.
Дарэчы, на дыску “Паазер”е. Пашпарт рэгіёна” ўпершыню разьмешчана самая поўная інфармацыя пра дзейнасьць недзяржаўных суполак і аб”яднаньняў на Браслаўшчыне, Глыбоччыне, Пастаўшчыне ды суседніх раёнах. Аўтары праекту з Глыбоцкага грамадзкага Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця “Барміца” спадзяюцца, што да іхнае дзейнасьці далучацца й новыя людзі – тыя, хто захоча паспрыяць далейшаму разьвіцьцю рэгіёна сваімі ідэямі і прапановамі. (Паводле www.bulletinonline.org)