ГлыбокаеРэгіянальны партал |
Увага! Памылковыя логін/пароль! × |
Карысная інфармацыяНадвор’еРэклама
|
Рэгіянальныя навіны RSSФільм пра Аду Райчонак -- “маці плэнэраў” Уладзімер Колас – старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі, таму першымі дакумэнтальна-публіцыстычную стужку ацэньвалі прадстаўнікі інтэлігенцыі. Сярод уважлівых гледачоў былі Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Валянцін Голубеў, Радзім Гарэцкі, Алег Трусаў, Пятро Садоўскі, Іван Нікітчанка ды іншыя. Яны потым казалі, што фільм атрымаўся надзвычай жыцьцёвы, а ўсе паўтара дзясяткі плэнэраў, арганізаваных Адай Райчонак, сталі нагодай для глыбокага роздуму аб лёсе сучаснай вёскі і асобы ў цяперашняй Беларусі. Жыцьцё ў беларускай глыбінцы паказанае праз лёс Ады Райчонак – былога вязьня Віцебскага гета, колішняй вясковай настаўніцы; маці, якая страціла маладога сына, а краіна – выдатнага краязнаўцу, этнографа, празаіка Міхася Райчонка. Пры гэтым спадарыня Ада пасьпявае даглядаць немалую гаспадарку, у перапынках паміж увіханьнем ля парасятаў і даеньнем каровы размаўляючы па тэлефоне з мастакамі ды пісьменьнікамі. Уладзімер Колас перакананы: такія асобы заслужылі права, каб пра іх даведаліся людзі і ў іншых кутках сьвету: “Гэта ўнікальная зьява для Беларусі: у сваёй вёсцы яна заснавала мастацкую галерэю і цяпер запрашае мастакоў з усёй Беларусі. І, дарэчы, ня толькі зь Беларусі пачынаюць да яе езьдзіць на плэнэры. Вось яна такая – яна маці плэнэраў. І калі такая зьявілася нагода, і заяўкі я падаў на эўрапейскі конкурс, то першае, што прыйшло ў галаву, гэта заяўка пра гісторыю Ады. Калі мы прыехалі і пачалі працаваць над гэтым праектам, то столькі даведаліся, столькі ўбачылі, што, безумоўна, гэта не для аднаго фільма! Можа некага з тых, хто ўдзельнічаў у фільме, падача зьдзівіць, можа інакш героі бачылі гэтую тэму, бо далёка ня ўсё ўвайшло ў гэты фільм”. Сама спадарыня Ада да свайго ўдзелу ў кінаэкспэрымэнце паставілася самакрытычна: «Я вельмі хвалююся. Бо, ведаеце, нам ніколі не даводзілася на плэнэрах супрацоўнічаць зь кіношнікамі. Гэта было з аднаго боку і вельмі цікава, але і вельмі нязвыкла. Колас “эксплюатаваў” мяне, як кажуць, напоўніцу. Я вясковая жанчына і кожны дзень дастаю са студні ваду. Але ён мяне дзесяць разоў прымусіў гэта зрабіць – даставай гэтую ваду. А ў фільм урэшце гэта так і не ўвайшло. Гэта ўсё, канечне, у жарт кажу. Я вельмі ўдзячная Ўладзімеру Коласу, што ён усё ж увекавечыў нашы старадаўнія Германавічы». Жыхары Германавічаў – галоўныя героі фільма. Простыя людзі са складанымі лёсамі на некалькі тыдняў “пасунуліся” да высокага, да мастацтва. Іншы сэнсавы пласт фільма – вядомыя графікі і жывапісцы: Аляксей і Ігар Марачкіны, Яўген Шатохін, Георгі Скрыпнічэнка, Янка Рамановіч, Аляксандар Фалей ды іншыя. Яны знаходзяць кантакт зь вяскоўцамі, многія зь якіх потым становяцца прататыпамі мастацкіх вобразаў. На кадры раз-пораз накладаецца Аляксандар Лукашэнка, голас якога рэтрансьлюе радыёкропка ды ўзмацняльнікі на вуліцах. Але ягоныя заявы пра імклівае набліжэньне вёскі да горада абвяргаюць аб’ектыўныя рэаліі: жыцьцё ў вёсцы па-ранейшаму далёкае ад цывілізацыі. «Жывём мы на вёсцы, і ня бачым хараства -- таго, якое вакол нас. І таму я веру: тая справа, якую я раблю, некалі павінна яна адпаведным чынам паўзьдзейнічаць на людзей. Зразумеюць людзі мяне. Мы павінны стаць лепшымі», -- кажа ў фільме Ада Райчонак. (Паводле Радыё Свабода). Беларусь і сьвет
Блог |
|
|
Дызайн — unutranyholas |