Шыльда ў гонар Дуж-Душэўскага зьнікла праз два дні, як яе павесілі
23-га сакавіка мемарыяльную шыльду ў гонар славутага земяляка, ураджэнца Глыбокага, усталявалі мясцовыя актывісты. А 25-га некаторыя зь іх ужо давалі з гэтае нагоды тлумачэньні ў міліцэйскім пастарунку. Увечары шыльда зьнікла са сьцяны дома №22 па вуліцы Горакага паводле рашэньня супрацоўнікаў Глыбоцкага райвыканкаму.
Глыбоцкія актывісты, якіх выклікалі на гутарку да ўчастковага Андрэй Раманоўскага, даведаліся, што "сігнал" у міліцыю паступіў з раённага аддзела жыльлёва-камунальнае гаспадаркі.
Начальнік аддзела Юры Семяньнікаў патлумачыў, што ініцыятары ўшанаваньня памяці Клаўдзія Дуж-Душэўскага, гістарычнага дзеяча, палітыка, асветніка і дойліда, як было пазначана на шыльдзе, не атрымалі дазволу ўладаў на выкарыстаньне гарадзкога асяроддзя:
"Гарадзкое асяроддзе – гэта ня проста так: што захацеў, тое прыляпіў ці павесіў. Няхай спачатку зьвяртаюцца з заявай, атрымліваюць дазвол, узгадняюць выгляд гэтай дошкі. А не наадварот – каб спачатку ўсё павесіць, прыкруціць... Ёсьць закон аб рэкляме, аб увекавечваньні памяці нейкіх там людзей вялікіх. Трэба эскіз, фотаздымкі, калі гэта нейкі чалавек, то архіўныя зьвесткі пра яго, што ён такі быў, сапраўды тут жыў, і гэтак далей. І ўсё."
Дакумэнтальных зьвестак пра глыбоцкі перыяд жыцьця Клаўдзія Дуж-Душэўскага амаль не засталося: ён правёў тут хіба раньняе маленства , бо з часам сям"я перабралася ў Вільню. Мемарыяльную шыльду вырашылі павесіць менавіта на доме №22 па вуліцы Горкага, бо, паводле ўспамінаў старажылаў, у гэтым месцы раней стаялі некалькі дамоў, дзе жылі Душэўскія, і ў адным зь іх у 1891 годзе будучы дзяржаўны сакратар Беларускай Народнай Рэспублікі і аўтар эскіза бел-чырвон-белага сьцяга, прызнанага дзяржаўным сымбалем БНР.
Менавіта 25 сакавіка, у дзень 90-х угодкаў абвяшчэньня БНР шыльда была зьнятая. Гэтая акалічнасьць асабліва абурыла мясцовых дэмакратычных актывістаў.
"Шыльду зьнялі 25 сакавіка, у дзень абвяшчэньня БНР, і гэтым плюнулі ў душу ня толькі глыбачанам, алей усім беларусам, -- гаворыць кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ, адзін з ініцыятараў усталяваньня шыльды, Яраслаў Берніковіч.—Яшчэ магу сказаць, што ўлады проста баяцца любой грамадзкай ініцыятывы. Пэўна, каб мы заасальтавалі участак нейкай вуліцы, дык яны назаўтра б прыгналі бульдозер, каб зьнішчыць тую дарогу!"
Дарэчы, пра лёс зьнятай шыльды дагэтуль нічога не вядома. Актывісты зьбіраюцца высьветліць, дзе яны – ці насамрэч яе ня зьнішчылі паводле распараджэньня райвыканкаму. (паводле Радыё Свабода)
Каментары
ladiday
Этот город скользит и меняет названья.
Этот адрес давно кто-то тщательно стер.
Этой улицы нет, а на ней нету зданья,
Где всю ночь правит бал Абсолютный Вахтер...
А. Башлачоў.
18:51, 28/03/2008