Шыльда з гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага – палітыка, асветніка, дойліда
Мэмарыяльная ўыльда з партрэтам і надпісам " Тут у 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі..." зьявілася на доме №22 па вуліцы Горкага ў Глыбокім
Паводле мясцовага краязнаўцы Уладзіміра Скрабатуна, недалёка ад таго месца, дзе на вуліцы Горкага цяпер стаіць дом №22, жылі Дуж-Душэўскія –сям"я, зь якой выйшаў дзяржаўны сакратар Беларускай народнай Рэспублікі, аўтар эскіза бел-чырвона-белага сцяга, прызнанага дзяржаўным сімвалам БНР Клаўдзій Дуж-Душэўскі.
У Глыбокім будучы дзеяч незалежнай беларускай дзяржавы правёў хіба першыя дзіцячыя гады, але ягоны ўнёсак у гісторыю варты ўдзячнай памяці нашчадкаў. Гэтак лічаць мясцовыя дэмакратычныя актывісты, якія вырашылі ўшанаваць памяць славутага земляка, усталяваўшы на доме №22 па вуліцы Горкага мемарыяльную шыльду.
-- Гэтая шыльда зроблена на ахвяраваньні партыйцаў, а ў мастацкай форме ўвасобіў гэтую ідэю Аляксандр Мядзелец, -- паведаміў старшыня мясцовай суполкі партыі БНФ Яраслаў Берніковіч. – У будучыні мы мяркуем працягваць падобную працу дзеля захаваньня памяці пра нашых землякоў, і ў Глыбокім, магчыма, зьявіцца не адна такая мемарыяльная шыльда. Бо сапраўдная незалежнасць Беларусі немагчымая без гістарычнай памяці.
Цяперашні гаспадар Раймунд Салодкі ахвотна пагадзіўся на тое, каб ягоную хату аздобіла мемарыяльная шыльда. Усім цікаўным ён паказвае дамавую кнігу, дзе першым сярод уладальнікаў пабудовы запісаны Аляксандр Душэўскі – мажліва, блізкі сваяк вядомага дзеяча БНР.