Паднявольныя спонсары
Галоўны ўрач Докшыцкай ЦРБ Аляўціна Аўласевіч патлумачыла, што на рамонт шпіталю дзяржава выдаткавала такія мізэрныя сродкі, што іх хапіла толькі на аперацыйнае і рэанімацыйнае аддзяленьні. На тэрапеўтычнае аддзяленьне і дзённы стацыянар грошай проста не было, і старшыня райвыканкаму Алег Пінчук прапанаваў разьмеркаваць бальнічныя палаты паміж прадпрыемствамі ды арганізацыямі.
У "паднявольныя спонсары" трапілі камунгас, нафтабазы, ветстанцыі, хлебзавод, сельская гаспадарка "Таргуны" і прыватныя прадпрымальнікі. Яны мусілі ня толькі зрабіць на "сваіх" аб"ектах паўнавартасны рамонт, але й абсталяваць іх мэбляй, а таксама набыць халадзільнікі й тэлевізары. Тры мільёны рублёў на патрэбы бальніцы пералічыў Белаграпрамбанк, райгаз сваімі сіламі і за свой кошт добраўпарадкаваў тэрыторыю. Прадпрымальнік Юрый Гільніч набыў новы тэлевізар, DVD-прайгравальнік і антэну –"талерку"...
Дактары і медсёстры кажуць, што ў новых інтэр"ерах прыемна працаваць, а пацыенты задаволеныя ўзроўнем камфорту. Аднак болей за ўсех усьцешана раённае начальства: знайшоўшы шлях да бясплатнага абсталяваньня бальніцы, у райвыканкаме ўжо абдумваюць, як пераабсталяваць паліклініку – каго абавязаць стацца "спонсарам" і схіліць да прымусовай дабрачыннасьці. (Паводле www.bulletinonline.org)