Закусім "Тызенгаўзам"?
Новы гатунак сыру нядаўна пачалі вырабляць на Пастаўскім малочным заводзе. Назву новаму прадукту, напэўна, хацелі даць з патрыятычных меркаваньняў, але атымалася крыху па-людаедску...
Вядомы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Антоні Тызенгаўз пабудаваў у Паставах графскі палац, дом рамеснікаў, суконную фабрыку ды маслабойню. Шмат зрабілі для развіцця мястэчка таксама Канстанцін і Райнольд Тызенгаўзы. У гонар каторага зь іх назвалі сыр, вытварцы не ўдакладняюць. Напэўна, проста вырашылі, што "Тызенгаўз" гучыць ня горш як "Эрдамер" , "Сав"ер" ці "Маасдам" – абы на замежны лад.
Чамусьці чым больш папулярнае або вядомае імя, тым больш ахвотных скарыстацца ім у сваіх меркантыльных мэтах. У Віцебску, да прыкладу, адзін час гандлявалі гарэлкай "Шагал" і "Шагалаўскім" хлебам, пакуль грамадскасць горада не запатрабавала перайменавання харчовых вырабаў.
Бо адна справа, калі нехта свядома "раскручвае" брэнд уласнага імя, як, да прыкладу, у выпадку з "Николаевским" півам, і зусім іншая – калі ня дужа далікатна абыходзяцца з чужымі імёнамі.