У гонар Ігната Буйніцкага
Да 100-годдзя стварэння першага беларускага тэатра Міністэрства сувязі выдала адмысловы паштовы канверт з выявай Ігната Буйніцкага -- заснавальніка беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва.
Ігнат Буйніцкі (1861-1917) нарадзіўся ў вёсцы Палевачы Глыбоцкага раёну. Скончыў Рыжскую землямерную вучэльню, вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні.
І.Буйніцкі быў збіральнікам беларускага фальклору, і ў рэпертуары першай тэатральнай суполкі, створанай ім у 1907 годзе ў Палевачах, былі сцэнкі з народнага жыцьця, народныя песні й танцы. Вандроўны тэатр перасоўваўся ад мястэчка да мястэчка на падводах. Умовы жыцця актораў былі нялёгкія. Да таго ж кіраўнік і ўвесь калектыў былі пад паліцэйскім наглядам, бо беларускамоўны рэпертуар у Паўночна-Заходнім Краі выклікаў незадавальненне царскіх уладаў.
У 1910 годзе аматарская суполка стала прафесійнай і атрымала афіцыйную назву " Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага". Тэатр гастраляваў па Беларусі, быў у Мінску, Вільні, Санкт-Пецярбурзе і Варшаве. Сам Ігнат Буйніцкі таксама выступаў на сцэне, пераважна як выканаўца камедыйных роляў.
З прычыны матэрыяльных цяжкасцей і ўціску ўладаў, якія часам проста забаранялі спектаклі, у 1913 годзе першы беларускі прафесійны тэатр мусіў спыніць сваё існаванне. У 1917 годзе Ігнат Буйніцкі зноў спрабуе вянуцца да тэатральнай дзейнасці – ён становіцца адным з ініцыятараў заснавання Першага беларускага тэатра драмы і камедыі.
Лютаўская рэвалюцыя натхніла Буйніцкага пайсці на службу ў войскі Заходняга фронту, дзе ён меркаваў сродкамі тэатру весьці беларускую прапаганду. Заснавальнік прафесійнага беларускага тэатру памёр 9 верасня 1917 г. проста на сцэне ў час рэпетыцыі, займаючыся салдацкай мастацкай самадзейнасцю. Быў пахаваны на мясцовых могілках недалёка ад вёскі Палачаны Маладэчанскага раёну. У 1975 годзе быў перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы. Надмагільны помнік Буйніцкаму стварыў беларускі скульптар І.Місько.
У Глыбокім яго імем названая вуліца. Яго імя носіць і глядзельная зала гарадскога цэнтра культуры.
Сядзіба Буйніцкіх, якая знаходзілася ў вёсцы Палевачы за чыгуначным пераездам, не захавалася. У Празароках ў будынку сярэдняй школы створаны музей Ігната Буйніцкага (адкрыты ў 1982 г.). У ім прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны старажылаў.
Калісьці меркавалася пабудаваць асобны музей, прысвечаны заснавальніку беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва, аднак тая будоўля ў цэнтры Празарокаў некалькі дзесяткаў год таму "замарозілася". Цяпер на цагляных парэштках мяркуюць узводзіць ужо не ўстанову культуры, а іншы аб'ект: мясцовыя ўлады вырашылі што ў статусе аграгарадка Празарокам будзе больш пасаваць не адзіны ў краіне музей Ігната Буйніцкага, а звычайная крама.