Выстава "Шляхамі Напалеона Орды" з глыбоцкімі краявідамі
25 верасня у выставачнай залі віцебскага Музэю сучаснага мастацтва адкрылася выстава, прысвечаная 200-м угодкам Напалеона Орды -- вядомага мастака, музыкі , пісьменьніка і педагога. Гэта плён працы мастакоў -- удзельнікаў зімовага пленэру, які праходзіў у Глыбоцкім раёне і быў арганізаваны грамадзкім Культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча.
Пленэр, у якім узялі ўдзел каля 30-ці мастакоў і літаратараў, праходзіў на Глыбоччыне з 25-га сьнежня па 2-га студзеня. Удзельнікі пабывалі ў тых мясцінах на Глыбоччыне ды Браслаўшчыне, якія паўтара стагоддзі таму Напалеон Орда ўвасобіў у сваіх акварэлях ды малюнках. Замалёўкі тамтэйшых краявідаў і архітэктурных помнікаў, якія некалі ўразілі славутага мастака, знайшлі адлюстраванне і ў мастацкай творчасці сучасных аўтараў.
Культурна-асьветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча штогод ладзіць пленэры, прысвечаныя знакамітым беларусам – пісьменьнікам або мастакам. Зімовы пленэр быў 14-м па ліку. Выстава твораў з пленэру будзе экспанавацца ў Віцебску два тыдні.