На Глыбоччыне на адзін дзень аднавілі савецкі калгас
Вярнуцца ў мінулае давялося цяперашняму аграпрадпрыемству "За Радзіму": менавіта гэтая гаспадарка прымала ўдзельнікаў першага з 18-ці этапаў конкурсу-гульні "Валадар сяла". Паводле задумкі арганізатараў з раённага БРСМу, райсельгасхарчу і клубу "Выспа паразумення", 6-га траўня ў вёсцы Удзела мусіў быць рэанімаваны калгасна-савецкі лад. Таму гасцям ды гледачам пачапілі на грудзі чырвоныя стужкі, а для натхнення канкурсантаў перад цэнтральнай сядзібай раставілі транспаранты : "Всё лучшее – деревне!" і "Вся власть – колхозам!" Зрэшты, у той час, пад які старанна стылізаваліся арганізатары, на "ўсю ўладу" калгасы пакуль не прэтэндавалі...
Цягам першага этапу удзельнікі спаборніцтва мусілі паказаць, наколькі спрытна яны здолеюць запрэгчы каня да пасадзіць колькі шнуроў бульбы. Аднак, ці то паводле савецкай завядзёнкі, ці то ў адпаведнасці з уяўленнямі арганізатараў пра "сапраўдную ўрачыстасць", конкурс пачаўся з мітынгу. Афіцыйныя прамовы абласнога прадстаўніцтва БРСМу змяніліся "справаздачным" выступам мясцовага кіраўніцтва, потым літмантажом у выкананні піянераў мясцовае школы, потым слова далі дзядулю-ветэрану, пасьля ўручылі двум маладзёнам БРСМаўскія білеты, штопраўда ва ўрачыстай абстаноўцы – пад гукі званоў з бліжэйшага касцёлу. Тым часам удзельнікі маяліся пад гарачым сонцам у чаканні свае "зорнае гадзіны"…
Урэшце усе скіраваліся з пляца на поле мясцовай жыхаркі Ірыны Губскай. Старшыня сельсавету прапанаваў бабулі "шэфскую дапамогу" у пасадцы бульбы, а тая, доўга не думаўшы, пагадзілася. На старт – ускраек ейнага гароду -- выйшлі 11 сем’яў: 5 вясковых і 6 -з райцэнтру. Так што каня некаторыя канкурсанты насамрэч запрагалі ўпершыню. Хаця й з бульбай усё аказалася не так проста: глыбіню баразды ды адлегласць паміж бульбінамі замяралі лінейкай, да таго ж улічвалі не толькі якасць пасадкі , але й хуткасць. Таму лепшыя вынікі, як таго і трэба было чакаць, паказалі вяскоўцы – сям"я Герасімёнкаў з аграгарадка Ломашы.
Абсалютным пераможцам – "Валадаром сяла" -- стане той, хто будзе прызнаны лепшым па выніках 18-ці этапаў конкурсу. У спадзяванні на ўзнагароду ды прызнанне удзельнікам давядзецца касіць сена, збіраць грыбы-ягады, даіць карову, лавіць рыбу, пячы хлеб, займацца народнымі рамёствамі. Кожны этап конкурсу будзе праходзіць у розных гаспадарках Глыбоцкага раёну. І толькі апошні адбудзецца "ўдалечыні ад цывілізацыі": згадаўшы навыкі сялянскае працы пры дапамозе геннай памяці або набыўшы іх у часе спаборніцтваў, напрыканцы ўдзельнікі мусяць пасяліцца на закінутым хутары і прадэманстраваць навыкі выжывання ў неспрыяльных умовах.
Да слова, досвед стварэння экстрымальных выпрабаванняў арганізатары рэаліці-шоў "Валадар сяла" ужо маюць. Цягам мінулых 4-х гадоў у Глыбокім прайшлі 3 падобныя конкурсы, адны назвы якіх ужо гавораць самі за сябе – “Апошняя гераіня” “Мяжа трываласьці” і “Выхаваньне мужнасьці”.