126
126 – столькі разоў мацнейшыя спартсмены Беларусі толькі ў мінулым годзе, па дадзеных статыстыкі, станавіліся пераможцамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, розыгрышаў этапаў Кубкаў свету і нашага кантыненту. Не кожная краіна можа ганарыцца гэтым фактам, каб столькі разоў над арэнамі розных дзяржаў у гонар беларускіх атлетаў гучаў гімн краіны і ў паветра ўздымаўся наш Дзяржаўны сцяг. Такія перамогі моцна ўплываюць на станоўчы імідж і на міжнародны прэстыж Беларусі, бо не такая ўжо вялікая дзяржава паказвае, што яе нацыя на многае здольная.
Зразумела, такія перамогі даюцца беларускім майстрам і іх трэнерам нялёгка ва ўмовах надзвычай вострай канкурэнцыі. Беларусь, дзякуючы такім дасягненням, становіцца краінай, дзе развіццю спорту і масавай фізічнай культуры надаюць важнае агульнадзяржаўнае значэнне. Як станоўчы факт, можна адзначыць, што колькасць людзей, якія рэгулярна аддаюць перавагу здароваму ладу жыцця, у нас складае больш за 12% насельніцтва. Немалаважна, што для іх ствараецца сучасная база, а спартыўная інфраструктура ўсё больш адпавядае сусветным патрабаванням.
У прыватнасці, толькі летась у эксплуатацыю быў здадзены спорткомплекс “Вікторыя” ў Брэсце, у гэтым абласным цэнтры сталі дзейнічаць стралковы цір і веслярны канал. Для гульнявых відаў спорту пабудаваны цудоўныя спартыўныя аб’екты ў Магілёве, Жлобіне, еўрапейскаму ўзроўню сталі адпавядаць стадыёны ў Віцебску і Гомелі. У беларускай сталіцы пачалося будаўніцтва буйнейшага на кантыненце шматпрофільнага комплексу “Мінск-арэна” на 15 тысяч гледачоў, магчымасці якога дазволяць праводзіць спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню па 30 відах спорту. Нарэшце, у краіне з’явілася першая ў Беларусі ўласная Вышэйшая школа трэнераў, і ўжо 12 нашых стадыёнаў адпавядаюць сусветным патрабаванням.
А вось у Глыбокім ужо каторы год не могуць дабудаваць гарадскі стадыён. Па словах чыноўнікаў, на гэта не хапае грошай. Але справа відаць не ў гэтым. Гледзячы, як хутка растуць у Глыбокім некаторыя аб'екты, у прыватнасці, на цэнтральнай плошчы, не скажаш, што ў горадзе няма грошай. Проста ідуць яны не ў тым накірунку.